Разделы сайта

Главная

Архив новостей

25.01.2022

Літаратурны музей запрашае!

Мастацка-дакументальная выстава
“Пуцявіны роднага слова” 

15 снежня 2021 года Беларусь адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння Сцяпана Александровіча, доктара філалагічных навук, літаратуразнаўца, крытыка і публіцыста. У другой палове ХХ стагоддзя Сцяпан Хусейнавіч стаў адным з самых актыўных працаўнікоў на ніве беларускай культуры, адкрыў шмат невядомых імёнаў у беларускай літаратуры, забытых фактаў і старонак нашай гісторыі.

Сцяпан Александровіч – адзін з самых вядомых багдановічазнаўцаў, даследаваннем жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры пачаў займацца ў 1960-я гг., асэнсоўваў творчую спадчыну М.Багдановіча, раскрыў яго ролю як перакладчыка і даследчыка ўкраінскай літаратуры. У сваёй манаграфіі “Пуцявіны роднага слова” (1971) Сцяпан Хусейнавіч разглядаў асобу і творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце праблем развіцця беларускай літаратуры і друку пачатку ХХ стагоддзя. Таксама выступіў аўтарам краязнаўчых, навукова-папулярных артыкулаў, прысвечаных беларускаму генію, – “Ля сіняй бухты”, “Сцежкамі песняра”, “Творчая спадчына паэта”. Пра дзяцінства і юнацтва Максіма Багдановіча даследчык распавёў у кнізе “Незабыўнымі сцежкамі” (1960), сам у свой час здзейсніў падарожжы ў Ялту і Яраслаўль, адшукаў людзей, якія ведалі пісьменніка, запісаў іх расповеды.

Мастацка-дакументальная выстава “Пуцявіны роднага слова”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага даследчыка Сцяпана Александровіча, створана на падставе экспанатаў з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і матэрыялаў, якія захоўваюцца ў сямейным архіве Александровічаў. Выказваем шчырыя словы ўдзячнасці Ірыне Сцяпанаўне Александровіч, дачцэ літаратуразнаўца, за магчымасць прэзентаваць каштоўныя фотаздымкі, рабочыя сшыткі, лісты і кнігі даследчыка, прысвечаныя знакавым постацям беларускай культуры.

Выстава працуе з 20 студзеня па 18 лютага 2022 года 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 363 07 61, (017) 334 22 95
maksimbagdanovich@gmail.com